«Тузін. Unplugged» 23 кастрычніка: «Спрат» і B:N:23 кастрычніка ў клюбе «Графіці» высадзіцца дэсант зь берасьцейшчыны. У межах чарговага канцэрту з цыклю «Тузін. Unplugged» выступяць гурты «Спрат» і :B:N:, якія зайграюць свае эксклюзіўныя акустычныя праграмы. Алесь Лютыч абяцае «лайтовы бээнаўскі сэт» у кампаніі з гітарыстам і акардыяністам, а Зьміцер Сянько кажа, што «Спрат» зайграе свае лепшыя песьні ды спрэзэнтуе колькі новых.

Tuzin Unplugged Гурт «Спрат» быў заснаваны ў Берасьці ў 2006 годзе. Калектыў мае ў сваёй дыскаграфіі альбом «Не чакай», міні-альбом «На плынях вясны» і інтэрнэт-сынгл «180», прысьвечаны Ларысе Геніюш і Ўладзімеру Караткевічу. Музыкі «Спрату» кажуць, што ім цяжка вызначыць стылістыку свайго калектыву, бо ў песьнях у розных прапорцыях прысутнічаюць і цяжкія рыфы, і мэлядычны рок, і грандж, і нават фольк. За час свайго існаваньня гурт браў удзел у шматлікіх фэстывалях: «Адборышча», «Рок-кола» ды інш. Добра знаёмыя з творчасьцю «Спрату» і наведнікі «Тузіна Гітоў» — песьня «Беларускае сэрца» брала ўдзел у апошнім мэга-туры і трапіла на складанку «Шосты Прэм’ер Тузін». Вакаліст гурта Зьміцер Сянько абяцае выканаць на канцэрце «Тузін. Unplugged» лепшыя песьні, а таксама выканаць некалькі новых.

Гурт :B:N: паходзіць з гораду Бярозы. У 2002 годзе калектыў перамог на фэстывалі «Басовішча» і адразу выдаў дэбютны дэма-дыск «Безь сябе». У 2004 годзе выйшаў паўнафарматны альбом «Не трывай», а праз два гады сьвет пабачыў чарговы рэліз гэтага калектыва — альбом Zhyvie Rock’n'Roll. Гурт :B:N: неаднаразова браў удзел у фэсьце «Басовішча» у якасьці запрошанага госьця, а таксама ўдзельнікаў у шматлікіх іншых фэствалях. Хоць калектыў актыўна канцэртуе, але лідэр :B:N: Алесь Лютыч прызнаецца, што раней ніколі не выступаў у менскім клюбе «Графіці». «Я там нават не быў у якасьці гледача, таму вельмі цікава будзе паглядзець на гэтае культавае месца», — кажа Алесь. На «Тузін. Unplugged» гурт зайграе ў скарочаным складзе. «Разам са мною будзе гітарыст, а таксама акардыяніст з гурта “Кальмары”. Мы зайграем гэткую лайтовую вэрсію песень :B:N:, усё будзе надзвычай мэлядычна», — абяцае Алесь Лютыч.

Канцэрт пачнецца ў 18:00 23 кастрычніка (нядзеля) у менскім клюбе «Графіці» (зав.Калініна, 16). Кошт квітка — 35 000 руб. Колькасьць месцаў абмежаваная. Набыць квіткі можна ў клюбе папярэдне з 18:00 да 22:00 штодня, апроч суботы і нядзелі.

Матэрыял: тузін гітоў

Сінгл 180
На плынях вясны
Не чакай…
Табулатуры
Яндекс.Метрика